Премия Рунета-2020
Россия
Москва
+16°
Boom metrics
Звезды9 июля 2013 8:44

На Гомельшчыне ў рукапісным Евангеллі XVIІ стагоддзя знайшлі Цмока!

Экспедыцыя “Будзьмы” “У пошуках Цмока” дабралася да самага паўднёвага рэгіёна нашай краіны
Галоўны цмоказнаўца Гомельшчыны Андрэй Скідан.

Галоўны цмоказнаўца Гомельшчыны Андрэй Скідан.

Пасля адведзін Наваградчыны і возера Свіцязь экспедыцыя “Будзьмы” скіравалася на поўдзень краіны — у Веткаўскі раён. У тым, што гэта — сапраўдны цмачыны край, мы пераканаліся яшчэ ў часе гутаркі з галоўным цмоказнаўцам Гомельшчыны Андрэем Скіданам. Спадар Андрэй апавядаў пра цмокаў так “смачна”, што мы захацелі пабачыць усё на ўласныя вочы…

Жлобін: два цмокі!

Як вядома, Жлобін — край памаранчавых кракадзілаў і фіялетавых папугаяў. Дзеля таго, каб іх пабачыць, не абавязкова прымаць па чарзе мёртвую і жывую ваду — дастаткова спыніцца ў прыдарожным шапіку з цацкамі, як гэта зрабіла нашая экспедыцыя. Як на замову, тут нас чакалі адразу два цмокі — старэйшыя браты нашага. Жыве вобраз у народзе!

Пасля невялікай фотасесіі рухаемся далей у бок Гомеля, дарогаю прыпыняючыся палюбавацца чароўнымі краявідамі над Дняпром.

Ветка: цмок на ручніку, абразах і Евангеллі

Ветку заснавалі ў 1683-85 гадах выхадцы з “самога белакаменнага горада Масквы” — стараверцы. Гэтае адгалінаванне праваслаўя ўзнікла пасля царкоўнай рэформы 1660-х гадоў. Стараверцы не прынялі многія рэформы і працягвалі дзейнічаць па-даўнейшаму. За што іх і назвалі тады “раскольнікамі”.

Перад Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава нас сустракаюць шаноўная дырэктарка Галіна Рыгораўна Нячаева і шаноўны навуковы супрацоўнік Андрэй Скідан.

Між іншых кніг — рукапіснае Евангелле пачатку XVII стагоддзя з цмокамі!

Між іншых кніг — рукапіснае Евангелле пачатку XVII стагоддзя з цмокамі!

— Андрэю, правядзі іх спачатку па музеі абсалютна моўчкі, гэта зойме 15 хвілін, — хітравата кажа Галіна Рыгораўна.

Галіна Нячаева працуе дырэктарам з 1988 года, калі не стала заснавальніка і першага дырэктара Фёдара Рыгоравіча Шклярава, чыё імя сёння носіць музей. Фёдар Шкляраў быў мастаком, калекцыянерам, збіральнікам фальклору і артэфактаў. Ягоная калекцыя і легла ў аснову музея. А тут — дзясяткі стараверскіх абразоў і рэчаў, Евангеллі XVІ-XVII стагоддзя, стогадовыя ручнікі…

Як высветлілася потым, парада дырэктаркі “правесці нас па музеі моўчкі” была своеасаблівым тэстам: колькі цмокаў мы заўважым самі? А пачынаюцца цмокі ўжо на драўлянай музейнай браме ручной работы: два сімпацягі ахоўваюць сотні бясцэнных экспанатаў.

Пасля “маўклівай экскурсіі” дырэктарка хітравата пасміхаецца:

— То бок цмокаў на рукапісным Евангеллі XVII стагоддзя і на стогадовым ручніку вы не заўважылі?..

Каемся, што не заўважылі і адпраўляемся на другую спробу, ужо з каментарамі спадара Скідана. Ён — унікальны чалавек, самы аўтарытэтны цмоказнаўца на Гомельшчыне. Чаго варты той факт, што спадар Андрэй першы абвясціў аб знаходцы страчанага раней артыкула “Аб абароне цмокаў” са Статута Вялікага Княства Літоўскага і нават прадэманстраваў публіцы здабытую неймавернымі хітрыкамі старонку.

…Заходзім у вялікую залу з ручнікамі. Першае, што кідаецца ў вочы, — ручнік з “будзьмаўскімі” чалавечкамі!..

— Як з’явілася кампанія “Будзьма беларусамі!”, я адразу падумаў: дакладна з нашага ручніка ўзор пазычылі! Але гэта добра! Вы пафоткайце і іншыя нашыя ручнікі — можа, яшчэ якія ўзоры спатрэбяцца. Яны ў нас у Ветцы ўнікальныя! Ды таго ж, у нас — найбуйнейшы збор ткацтва з гэтага рэгіёна!

Побач з “будзьмаўскім” — ручнік з сапраўднымі цмокамі!..

— Мне таксама тут бачыцца Цмок, хоць некаторыя сцвярджаюць, што гэта індыкі… — усміхаецца спадар Андрэй.

Вам не перадаць, наколькі добрая аўра, наколькі лёгка і светла робіцца ў гэтай зале, дзе сабрана столькі найкаштоўнейшых старадаўніх беларускіх ручнікоў!.. Тут жа апавядаецца пра некаторыя старадаўнія абрады. Напрыклад, абрад “Свяча”, калі раз на год рытуальную свечку пераносілі з хаты ў хату. Альбо абрад “Пахаванне стралы”, калі свячу, апранутую у дзявочую сукенку, хавалі ў жыце…

У суседнім памяшканні — шматлікія стараверскія абразы. Гэта — найвялікшы збор у краіне. Некаторыя з іх — з выявай Цмока, якога забівае Георгій Перамоганосец. Барацьба нябеснага Бога і “паганага Цмока” — знакаміты міф многіх народаў. Але ў Беларусі быў свой міф і свой цмок, збольшага добры! Раззлавацца і пачаць шкодзіць Цмок мог толькі тады, калі чалавек пераступаў пэўную мяжу…

Невялікі пакойчык музея паказвае старадаўнюю чайную цырымонію, захавальнікамі якой лічыліся стараверы. Тут — дзясяткі самавараў, імбрыкі, сервізы, вытанчаная старадаўняя мэбля…

Цмокі на ахове скрабаў людзей.

Цмокі на ахове скрабаў людзей.

На сценах — ліштвы са старых хат, асобныя маюць алегарычную выяву цмокаў. Некаторыя з іх супрацоўнікі музея ўратавалі літаральна са сметніка. Людзі абшываюць хаты “па-моднаму” сайдынгам, а ліштвы проста здзіраюць і выкідаюць…

Асобная экспазіцыя музея ўвабрала ўнікальныя старадрукі і рукапісныя кнігі.

— Ёсць у нас два Евангеллі XVI стагоддзя — унікальныя для Беларусі рэчы, — паказвае Андрэй Скідан. — Ёсць кнігі Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, выданні часоў Вялікага княства, Рэчы Паспалітай, кнігі з Віленскай, Кіеўскай друкарні…

Між іншых кніг — рукапіснае Евангелле пачатку XVII стагоддзя з цмокамі!..

— Гэта рэнесансная традыцыя, так званы “звярыны стыль”, улюбаваны нашымі майстрамі…

Дарэчы, будынак музея — гэта старасвецкі асабняк купца Грошыкава 1897 года пабудовы. А стаіць ён на… Краснай плошчы! Названай так задоўга да савецкага часу. Стараверцы, якія прыехалі сюды з Масквы, назву плошчы прывезлі з сабой. Паходзіць яна ад слова “краса” — таму і па-беларуску будзе Красная, а не Чырвоная.

З лёгкай душой пакідаем у музеі шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”. Супрацоўнікі кажуць, што на будынку яе павесіць нельга, бо ён з’яўляецца помнікам архітэктуры. Але абяцаюць змясціць усярэдзіне, каб турысты маглі фоткацца.

…Пад Веткай заязджаем на стараверскія могілкі ў вёску Мар’іна. Васьміканцовыя крыжы ўражваюць тут сваёй масіўнасцю: зробленыя яны напраўду з бярвёнаў, такіх, з якіх будуюць хаты!..

Бесядзь: найпрыгажэйшыя краявіды!

Канечне, калі казаць пра найпрыгажэйшыя краявіды нашай краіны, то ў першую дзясятку дакладна трапіць даліна ракі Бесядзь. Едзем машынаю да паўзакінутай вёскі Чамярня. За вёскай — хутар. Гаспадар хітра перакапаў усё кругом — відаць, каб абы-хто не ездзіў. Але, па-першае, мы ж не абы-хто, а экспедыцыя “У пошуках Цмока”. Па-другое, гаспадар яўна не ўлічваў, што Цмока прыедуць шукаць на лэндроверы. Чык-пук па канавах ды пагорках — і мы стаім на высокім беразе над ракою.

— Бесядзь неймаверна прыгожая!.. — агучвае нашыя думкі Андрэй Скідан. — Таму яна карыстаецца вялікай папулярнасцю ў байдарачнікаў — яны стартуюць троху вышэй па цячэнні і сплаўляюцца да месца ўпадзення Бесядзі ў Сож…

Яшчэ вышэйшы пагорак за намі — курганны магільнік Х стагоддзя. Называюць яго цяпер па-рознаму: Серыкава гара, Чортава гара, Каменная гара… Тут продкі сучасных палешукоў, радзімічы, хавалі нябожчыкаў. Адметна, што і цяпер на вяршыні кургана — могілкі. То бок на гэтым месцы беларусы хаваюць памерлых ужо больш за 1000 гадоў!

— Дарэчы, паводле народных легендаў такія курганы ахоўваў Цмок. У нашы часы тут можна заўважыць шмат вужоў. А вужака, як вядома, гэта малодшы брат Цмока, — тлумачыць Андрэй Скідан.

Свяцілавічы: тут было старадаўняе Свяцілішча

У Свяцілавічах спыняемся паглядзець панскі крухмальны завод ХІХ стагоддзя і прыходскую вучэльню. Таксама пасярод вёскі заўважаем вельмі цікавае драўлянае наверша студні.

— Назва Свяцілавічы паходзіць ад “Свяцілішча” — пагорка, які ў нашых паганскіх продкаў выконваў функцыю храма. Мы з вамі толькі што былі на тым пагорку над Бесяддзю… — тлумачыць наш праваднік.

Будзішча: крыніца пасярод закінутай вёскі

Да вёскі Будзішча едзем каля 10 кіламетраў спачатку па полі (дзе месцамі дарогі ўжо проста няма), потым — па лесе. Абапал дарогі — ззелянелыя балоты. Часам шлях перагароджваюць маляўніча паваленыя дрэвы. Каб не джып, дык і не праехалі б!..

Нарэшце дабіраемся да вёскі, дзе жыццё практычна спынілася. Перад намі — незвычайная крыніца. Зруб у некалькі бярвенняў вышынёю. Памерам, можа, пяць на пяць метраў. У галаве зруба — шэсць старадаўніх крыжоў з абразамі, упрыгожанымі ручнікамі. На дне зруба б’е крыніца, кудлата ўздымаючы глей…

Мне таксама тут бачыцца Цмок, хоць некаторыя сцвярджаюць, што гэта індыкі…

Мне таксама тут бачыцца Цмок, хоць некаторыя сцвярджаюць, што гэта індыкі…

— Калі была засуха, людзі ішлі да гэтай крыніцы, павязвалі ручнікі і прасілі дажджу…

За першым зрубам — другі, дзе з дошак зробленыя масткі. Раней людзі мылі тут бялізну.

Што казаць, каб убачыць такую крыніцу, можна было і 50 кіламетраў па лесе праехаць!..

Непадалёк крыніцы спадар Андрэй паказвае агромністыя жорны, якія нібыта паказваюць дарогу да крыніцы.

— Не хачу сказаць, што іх закінуў сюды Цмок, але…

Валосавічы: зуб Цмока знойдзены!

Каля хаты №77 нас чакае… акамянелы зуб Цмока!

— Знайшлі падчас экспедыцыі некалькі гадоў таму, — тлумачыць Андрэй Скідан.

Пабачыўшы, як група дарослых мужыкоў з разумным выглядам разглядае камень, з хаты выходзяць гаспадыні.

— А што, ён нейкі асаблівы?.. — пытаецца Валянціна Іванаўна Макарчук.

Ад вестак, што гэта зуб Цмока, Валянціна Іванаўна пачынае хвалявацца:

— Нічога сабе! Жывем побач і не ведаем, што тут такі цуд!..

Следам з хаты выходзіць мама Валянціны Іванаўны Ганна Сцяпанаўна Ціцянкова.

— Гэта ж мой дзед у полі знайшоў ды на плузе прывёз мне паказаць! Ён таксама ўсё ніяк не мог здагадацца, што ж гэта за камень такі, як усё адно нехта спрабаваў з яго выпілаваць нешта!..

З дазволу гаспадыняў прыбіваем на хату нашую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”, а кабетам пакідаем раздрукоўкі з сайта з найпадрабязнейшай інфармацыяй пра колішняга ўладальніка гэтага зуба.

Пры канцы аглядаем некалькі закінутых хат, якім ужо пераваліла за сотню гадоў…

Нясімкавічы: перабіты рудніковы молат на могілках.

У Нясімкавічах спыняемся пры мясцовых могілках. Тут пад старым дрэвам ляжыць зусім незразумелы артэфакт — перабіты напалову рудніковы молат.

— Некалі такія выкарыстоўвалі на шахтах, — кажа Андрэй Скідан. — А Цмок, як раззлуецца, можа схапіць такі молат і шпурнуць яго на вёску, дзе людзі кепска сябе паводзілі.

У тым, што шпурнуў яго менавіта Цмок, сумневу няма. Нават гэтую адбітую частку молата не падняць і ўдзесяцёх. Як ён апынуўся тут, сярод зусім нестарых магіл пасярод вёскі?..

Неглюбка: самыя каштоўныя ручнікі краіны

— Васілеўна, тут журналісты прыехалі, ручнікі пакажаце?.. — стукаецца ў браму адной з хат спадар Андрэй.

Неглюбка — вядомая на ўсю краіну вёска, найперш сваімі адметнымі ручнікамі. Не так даўно неглюбскія ручнікі экспанаваліся ў краязнаўчым музеі Заслаўя. Неглюбку згадваў у адным з вершаў і наш выбітны паэт Анатоль Сыс.

Вера Васілеўна Барсукова і яе муж Іван Міхайлавіч вядуць нас у большы пакой. Падушкі, посцілкі — усё тут вышыта рукамі Веры Васілеўны. У куце — старыя абразы, таксама атуленыя дзіўнай прыгажосці ручнікамі.

Спадар Андрэй цікавіцца, ці можна набыць нейкія ручнікі для музея. Вера Васілеўна раскладае “вітрыну”.

— Во гэты, амаль новы, не менш за мільён! А гэтыя, выцвілыя, можна і па 100 тысяч…

Фантастыка! Магчымасць прыдбаць сапраўдны неглюбскі ручнік усяго за 100 тысяч! Адзін адпраўляецца ў Веткаўскі музей, другі я бяру сабе.

— Васілеўна, а пра цмокаў чулі што? Ці пра вужоў?.. — асцярожна пытаецца спадар Скідан.

— Вужоў тут навалам! — адказвае за гаспадыню муж. — У нас во адразу за агародам мокрае месца, дык часта там вужа бачу!

— Завялася тут нейкая незразумелая істота… — паглядае ў вакно гаспадыня. — Рыбакі нядаўна на ўзлеску бачылі: здаровая такая, з хвастом — у лес шмыганула! Дык я стала куранят баяцца за вароты пускаць — яшчэ пахапае!..

Шарсцін: цудадзейная крыніца

У Шарсціне на начоўку нас чакае гаспадыня сядзібы “Белая лебедзь” Ірына Лебедзева.

Яе маленькаму сыну Колю прэзентуем нашага Цмока, чым уратоўваем жыццё кацяню, якога Коля пераносіць па хаце, сціснуўшы шыю ў кулаку. Кінуўшы кацяня, Коля пераключаецца на Цмока.

— Я дык пра Цмока не чула, але калі вы яго тут знайшлі, то чаму б табліцу і не павесіць! — весела згаджаецца Ірына.

Ідзем да брамы ўсёй дэлегацыяй і ўрачыста прыбіваем шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!” пры чынным удзеле Колі.

Пераночыўшы, аглядаем руіны панскай сядзібы ХІХ стагоддзя і на параду Ірыны едзем за вёску глядзець цудадзейную крыніцу.

— Штогод тут ладзіцца абрад “Дзесятуха”, — тлумачыць Ірына Лебедзева. — Гэта калі на дзясяты тыдзень пасля Вялікадня людзі ўрачыста ідуць да крыніцы з абразамі і малітвамі. Кажуць, вада з яе лечыць…

Скарыстаўшыся магчымасцю, п’ем цудадзейную ваду і мы.

Хальч: цмокі жылі на падворку замест сабак!

У Хальчы захавалася двухсотгадовая сядзіба Войніч-Сенажэцкіх. Гэта сам па сабе вельмі цікавы помнік класіцызму. А ўлічваючы, што такіх будынкаў захавалася ў рэгіёне вельмі мала, то напэўна.

— Вашыя дакументы! — раптам кажа ахоўнік за спінаю з інтанацыяй “хэндэ хох”.

Рэч у тым, што сядзіба ахоўваецца, бо знаходзіцца на балансе Гомельскага музея, у сядзібе захоўваюцца некаторыя экспанаты. Праўда, цяпер яе збіраюцца перадаваць “інвестару” пад “аздараўленчы цэнтр”. Ахоўнікі ставяцца да гэтага скептычна… Бо, паводле самых сціплых падлікаў, у аднаўленне трэба ўкласці 2 мільёны еўра. А ці паедуць людзі аздараўляцца ў раён з падвышанай пасля Чарнобыля радыяцыяй?..

Пачуўшы, што мы журналісты і шукаем Цмока, ахоўнік лагаднее.

— У нашай вёсцы таксама апавядалі легенду пра цмокаў. Праўда, у нас яны называліся васіліскі. Бабуля казала, што на Палессі раней гэтыя васіліскі жылі на падворках і ахоўвалі хаты, бы сабакі.

Суворая Гомельшчына, што тут сказаць!

Пад прыглядам ахоўніка аглядаем змест сядзібы. Пры ўваходзе на нас высакародна паглядае бюст Цёткі (Алаізы Пашкевіч), у суседнім пакоі за намі ўважліва сочыць Канстанцін Заслонаў. У куце — старадаўняе піяніна і фісгармонія. У цэнтры залы — агромністая рысь з фарбаванага пенапласту.

— Сімвал Гомеля! — каментуе наш экскурсавод. — Раней у нейкім парку стаяла, а потым ім непатрэбная стала — у музей аддалі.

У холе наш Цмок робіць памятны здымак з трафейным нямецкім піяніна.

Увахода ў сядзібу каравуліць сабака Барын.

— Яго і ў Амерыцы ведаюць!.. — з гонарам кажа ахоўнік. — Прыязджалі з Каліфорніі турысты, дык і нашага Барына сфатаграфавалі!..

Ідзем у падвалы сядзібы. Вось куды экскурсіі з паходнямі вадзіць! Скляпенні аддаюць прыемным у 35-градусную спёку халадком. Шматлікія закуточкі і калідоры вабяць сваёй таямнічасцю…

…Дарэчы, сам пагорак, на якім стаіць сядзіба, таксама ахоўваецца дзяржавай, бо гэта гарадзішча VI стагоддзя да нашай эры! Няма ніякіх сумневаў, што тагачасным беларусапітэкам не трэба было доўга тлумачыць, хто такі Цмок!..

Добруш: адзіная ў горадзе цмачыная ліштва

У Добрушы аглядаем вядомую на ўсю краіну папяровую фабрыку. Хто з нас не пісаў у школе ў добрушскіх сшытках! Тым часам, будынак фабрыкі стаіць аж з 1882 года! Непадалёк — школа княгіні Паскевіч таго ж часу.

Андрэй Скідан закавулкамі вядзе нас да ўнікальнага цмачынага экспаната: адзінай у горадзе ліштвы з выявай вужа! Пакружляўшы між старых хатак, часта ўжо “па-багатаму” абшытых сайдынгам, спыняемся ля дома па Піянерскай, 5. На фасадзе — адзінае акно. Над акном — вуж, малодшы брат цмока!

— Гэта зрабіў мой дзядуля Аляксей Маркавіч Талкачоў у 1925 годзе, калі ставіў хату, — выходзіць з брамкі Галіна Пятроўна Барадзіна. — Што значыць гэты вуж, я не ведаю, але вы ўжо далёка не першыя прыязджаеце паглядзець на яго!..

Следам з хаты выходзіць Надзея Аляксееўна Барадзіна — дачка таго майстра. І паказвае нам здымак самога Аляксея Маркавіча, дзе прысутнічае і яна, маленькая.

— Пра Цмока, вядома, чула! — кажа кабета. — У нас і ў хаце абраз адпаведны — дзе Георгій забівае Цмока…

Што ж меў на ўвазе жыхар старога Добруша Аляксей Талкачоў, калі выразаў на ліштве цмачынага брата вужа?.. Можа, нездарма Гомельшчыну завуць краем цмокаў?..

ДЗЕ ШУКАЦЬ ШЫЛЬДЫ “ТУТ ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ ЦМОК!”

1. Ветка. Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Красная плошча, дом 5

2. Вёска Валосавічы (Веткаўскі раён), дом 77. Калі стаць тварам да вулічнага фасада, то злева цераз дарогу будзе ляжаць зуб Цмока!

3. Вёска Шарсцін Веткаўскага раёна. Аграсядзіба “Белая лебедзь”. Гаспадыня Ірына Лебедзева, тэлефон 8 029 236 3784

4. Добруш. Вуліца Піянерская, 5. На гэтай хаце захавалася адзіная ў горадзе ліштва з вужом, малодшым братам Цмока!

Будзьма Цмокамі!