
Сябры, вы робіцеся сведкамі гістарычнай з’явы — беларускі Цмок займеў уласны сайт! Цяпер на пытанне цікаўных: “А што гэта такое цмок?” — вы можаце доўга не тлумачыць, а адрасу накіроўваць на Cmok.budzma.org! Тут можна знайсці агульную інфармацыю пра Цмока, месцы яго пражывання, легенды і байкі, навіны з жыцця Цмока, а таксама справаздачы з Цмокавых вандровак. Ад сённяшняга дня ўся інфармацыя пра беларускага Цмока — на Cmok.budzma.org! Дарэчы, на адрас razam@budzma.org можна дасылаць свае цмачыныя цікавосткі.
Цяпер жа настаў час летніх вандровак — самая пара выправіцца на пошукі Цмока! Нагадаем, увесну мы запісалі 7 гутарак з самымі аўтарытэтнымі беларускімі цмоказнаўцамі — Ірынай Дубянецкай, Андрэем Скіданам, Сяргеем Харэўскім, Антонам Астаповічам, Андрэем Барашкам, Сяргеем Плыткевічам і Андрэем Дыбоўскім. Звёўшы “паказанні” ўсіх экспертаў у адно цэлае, мы налічылі ажно 73 “месцы прапіскі” беларускага Цмока! За год не аб’ехаць! Таму было вырашана абвесціць усенародную галасаванку. Цягам некалькіх тыдняў людзі выбіралі самыя цмачыныя месцы Беларусі. У выніку тузін пераможцаў выглядае так:
Добра падумаўшы, як аб’ехаць гэта найзручнейшым чынам, мы склалі 7+1 маршрутаў.

Навошта мы так падрабязна дзелімся сваімі планамі? Па-першае, каб пачуць вашыя падказкі: куды ў гэтых мясцінах абавязкова зазірнуць? Дзе самыя цмачыныя завуголлі? Хто з мясцовых жыхароў ведае самыя праўдзівыя гісторыі пра Цмока? Лістуйце на razam@budzma.org!
Па-другое, у вандроўкі мы едзем не з пустымі рукамі, а з шыкоўнымі шыльдамі “Тут жыве беларускі Цмок!”. Дзе найлепей іх павесіць? Дасылайце парады і адрасы!
Па-трэцяе, мы шукаем экскурсаводаў-цмакаводаў на месцах. Зрабицеся нашым экспертам — і атрымайце цмачыныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Нарэшце, мы загадзя паведамляем вам “цмачыныя” маршруты, каб вы выпраўляліся ў пошуках Цмока паралельна з намі!
Нехта спытаецца: чаго вы так ухапіліся за гэтага Цмока? Усё вельмі проста. За Цмока — не значыць супраць бусла і зубра, традыцыйных турыстычных сімвалаў Беларусі. Зразумець Цмока, седзячы ў Мінску, цяжка. Аднак толькі мы выехалі за кальцавую, як пачалося! Вось цацка Цмока ў краме, вось аповед старога дзеда пра магілу Цмока, вось скульптура ў выглядзе Цмока на падворку аграсядзібы… Нічога не трэба прыдумляць — вось яно ўсё, сапраўднае!..
Цмок — не толькі “ўсходняя” істота, як часам мяркуюць многія. Цікава, што першы карабель Вялікага княства Літоўскага меў назву “Цмок”. Як цвердзіць адзін з нашых экспертаў, артыкул “У абарону Цмокаў” быў нават у Статуце ВКЛ. Казкі і страшылкі пра Цмока і цяпер жывуць у вёсках і мястэчках. Але беларускі Цмок — не толькі і не столькі адмоўная істота. Цмокам пужалі п’яніц, Цмокам палохалі хуліганаў, у Цмока прасілі дапамогі ў часы ліхалецця. Беларускі Цмок быў чысцёхам — вельмі любіў мыцца ў лазні. Сябраваў з кавалямі, якія ўмелі дачыняцца з агнём. У некаторых легендах быў шаўцом, краўцом — карацей, майстар на ўсе рукі!
Мы едзем у пошуках Цмока не каб прыдумаць яго, а каб вярнуць з глыбіні народнай памяці. Цмок — гэта як беларуская мова: тое, што робіць нас адметнымі і ўнікальнымі.
Дык едзьма ў пошуках Цмока разам!
