
Пакуль беларусы заўзелі “за нашых” на чэмпіянаце свету па хакеі, “нашы” абыйшлі нават такіх безумоўных фаварытаў як Расія і сталіся першымі ў свеце… паводле спажывання алкаголю на душу насельніцтва. Сусветная арганізацыя аховы здароўя палічыла, што ў 2010 годзе “сярэдні” мужчына, старэйшы за 15 гадоў, выпіваў за год 27.5 літра чыстага алкаголю, жанчына – 9.1 літра. Параўнайма з Італіяй, дзе, кажуць, віно п’юць ну амаль як ваду: там адпаведныя паказчыкі складалі 9.7 і 3.9 літра чыстага алкаголю за год. Я ўжо не кажу пра ісламскую Турцыю, дзе на “сярэдняга” мужчыну прыпадала 4.4 літра, а на жанчыну – 0.5 літра. Расія не ўвайшла нават у тройку “прызёраў” з 23.9 і 7.8 літрамі адпаведна. Даруйце за лічбы, гэта, ведаеце, нібы галаўны боль пасля п’янкі – нудотны, але такі патрэбны, каб зразумець, што нешта з намі ня так…
За высокімі паказчыкамі спажывання алкаголя стаяць высокія лічбы сацыяльна-эканамічных страт. Ужыванне алкаголю падвышае рызыку захворванняў – лекі і дактары каштуюць грамадству грошай. Рост колькасці злачынстваў – ахова парадку ды ўстановы кшталту ЛПП і выцвярознікаў таксама для грамадства не бясплатныя. Страты чалавечых жыцяў, маёмасці, выдаткі на дзіцячыя дамы, нават выдаткі на антыалкагольныя кампаніі – пералік можна працягваць. І гэта толькі на “макраўзроўні”. На ўзроўні хатніх гаспадарак – рызыка страты працы і беспрацоўя, менш прадукцыйная праца і меншы заробак. І гэта толькі мікраэканамічныя наступствы. Летась прадстаўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя агучыў лічбу эканамічных страт ад ужывання алкаголя ў 3% ад ВУП – гэта не нашмат менш чым усе выдаткі дзяржаўнага бюджэту на ахову здароўя! Але гэта не найгоршая ацэнка – у 2011 годзе часопіс Акадэміі кіравання “Проблемы управления” апублікаваў артыкул (аўтары – доктар медыцынскіх навук, доктар эканамічных навук і кандыдат медыцынскіх навук) з вельмі падрабязным аналізам наступстваў спажывання алкаголя.Вынік уражвае – па дадзеных за 2008 год адпаведныя страты перавысілі 7% ад ВУП. Паводле аўтараў артыкулу, у сярэднім па Еўропе яны вагаюцца ад 2 да 5% ад ВУП, то бок мы ізноў пацвердзілі сваё сумнае лідэрства.
На жаль, эканамічных спосабаў вырашэння праблемы ня вельмі шмат. Відавочна, дарагі алкаголь не такі смачны – таму нарвежцы, шведы і фіны п’юць менш за Беларусаў. Працуе і рэклама, якая нібыта забароненая, але такія рэчы як бігборды з выявамі нібыта пітной вады (такая празрыстая, у шкляной бутэльцы) з назвай гарэлачнага брэнда ну ніяк не падпадаюць пад барацьбу з алкагалізмам і ягонымі наступствамі.І гэта яшчэ даволі бяскрыўдны прыклад, бо праблема не ў прасоўванні канкрэтных алкагольных брэндаў, а ў культывацыі ўжывання алкаголю як нацыянальнай адметнасці і ледзьве не нагоды для нацыянальнага гонару.
Але галоўныя прычыны нашага сусветнага лідэрства бадай што не ў гэтым. Ня трэба быць моцным аналітыкам, каб убачыць з дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя відавочнае: чым больш рэлігійнае насельніцтва ў краіне, тым менш яно спажывае алкаголю. У Беларусі, паводле дадзеных сайту “Белінтурыста”, вернікамі сябе лічыць адно палова насельніцтва. Другі істотны чыннік таксама рэлігійны – праваслаўныя краіны п’юць больш за каталіцкія, пратэстанцкія і тым больш ісламскія. Але тут эканамісту варта спыніцца – ёсць іншыя аўтары, няхай яны пішуць пра неэканамічныя рэчы – абы чытач быў удзячны!