Boom metrics
Звезды24 июня 2013 10:39

За што конюх Міндоўга ўпаляваў наваградскага Цмока?

Экспедыцыя “Будзьмы” знайшла магілу Цмока і даведалася, дзе спалілі апошнюю вядзьмарку на тэрыторыі Беларусі [фота]
У Наваградскім замку адбылася апошняя ў гісторыі Беларусі расправа з вядзьмаркаю.

У Наваградскім замку адбылася апошняя ў гісторыі Беларусі расправа з вядзьмаркаю.

Як мы пісалі раней, пачаўся сезон летніх вандровак, і кампанія “Будзьма беларусамі!” выправілася ў экспедыцыю па Беларусі “У пошуках Цмока”. Першы пункт, узяты з ліку пераможцаў галасаванкі, — возера Свіцязь. Адпаведна, і Наваградчына, мясціны Адама Міцкевіча. У склад першай экспедыцыі ўвайшлі цмоказнаўца Глеб Лабадзенка, фатограф Аляксандр “Таранціна” Ждановіч і ўладальнік сайта imbryk.by з беларускімі кнігамі і дыскамі Алесь Мазанік. Мы вырашылі так: калі ўжо бізнесовец зацікавіўся пошукамі Цмока, значыць, нам павінна дакладна пашанцаваць. Бо Цмок, паводле легенды, грошыкі любіць!

— Цмок — гэта нашыя паганскія карані, а я лічу сябе паганцам!.. — паведаміў нам Алесь.

Мір: Цмок, пахаваны пад замкам!

Шлях да Наваградка ляжыць праз Мір — ну, як тут не збочыць да замка, які памятае пяць стагоддзяў нашай гісторыі. Цмок падміргвае нам практычна адразу.

— Падкажыце, дзе нам тут Цмока шукаць? — пытаемся ў супрацоўніка замка, які выйшаў на абедзенны перапынак у краму.

— Сам я тут Цмока, папраўдзе кажучы, не бачыў, — загадкава пасміхаецца супрацоўнік. — Але жыў у Міры такі фатограф Шпак, якога я добра ведаў. Дык вось, ён апавядаў, што калі быў дзіцем, бабуля яго пужала: “Не хадзі на замак, пад ім Цмок пахаваны!..” І вы, пэўна, ведаеце легенду пра замкавую сажалку, што некаторы час тут штогод абавязкова патанаў чалавек. Хто ведае, ці не Цмокавы гэта справы?..

Тое, што цалкам верагодна, Цмокавы, нам падказвае прадавачка ў мясцовай гаспадарчай краме.

— Цмокаў шукаеце?.. — весела перапытвае жанчынка. — Дык у мяне во тут два штукі, па 21 тысячы і па 43 — выбірайце!

З гэтымі словамі яна плюхае на прылавак дзве цацкі, на якіх чорным па белым значыцца “Игрушка “Дракончик”.

Вось дык неспадзяванка — да Свіцязі яшчэ не даехалі, а Цмокі ўжо знайшліся!..

Аглядаем з розных бакоў плошчы царкву 1530-х гадоў і касцёл 1599 года ды рухаемся далей.

Турэц: Каменны крыж, які хаваецца ў зямлю

Дарогаю вырашаем збочыць да вёскі Турэц, якая ляжыць пры самай дарозе з Міра на Карэлічы. У Турцы (які так назвалі, бо тут туры вадзіліся) нас цікавіць каменны крыж, які расце з зямлі на падворку Пакроўскай царквы 1886 года.

— Ці можаце што расказаць пра ваш крыж? — пытаюся ў спадара, які стаіць ля царкоўнай брамы.

— Тут, кажуць, князь пахаваны… — падымае ўверх палец спадар Лявон. — А побач меншанькі камень — гэта таксама крыж, там князеў сын. Дзе мы стаім, раней усё ў магілах было, пакуль іх бязбожнікі савецкія не знічтожылі. А гэтыя два крыжы знічтожыць не змаглі. Цяпер крыжы хаваюцца назад у зямлю, бо як я малы быў, дык яны нашмат больш з зямлі выглядалі!..

Спадар Лявон апынаецца царкоўным званаром і ласкава запрашае нас наверх агледзець званы і чароўны краявід наваколля.

— Адна бабка была лезла на званіцу, усунула руку ў нейкую дзюру на лесвіцы, а там у анучцы загорнуты наган! Змазаны ўвесь, як новенькі! Рэвальвер, на 7 патронаў. Дык не паспела яна бацюшку занесці паказаць, як прыехала міліцыя і кажа на бацюшку: “Святы айцец, ну-ка аддавайце, што ў вас там!” І забралі ў бацюшкі наган, мы і агледзець яго толкам не паспелі…

На званіцы спадар Лявон апавядае, як небяспечна быць званаром — двойчы ледзьве не прыбіла!

— Першы раз ад звона, бачыце, кавалак адваліўся і троху-троху не на мяне!.. А другога разу язык ад звона адарваўся, таксама ледзьве адскочыць паспеў!..

Зычым шаноўнаму званару і далейшага шанцавання ды сядаем у наш цмокавоз-лэндровер.

Беларускі цмок. Помнік у Лепелі, узгадкі ў Міры і Наваградку. Вы ўсё яшчэ лічыце, што гэта проста легенда?

Беларускі цмок. Помнік у Лепелі, узгадкі ў Міры і Наваградку. Вы ўсё яшчэ лічыце, што гэта проста легенда?

Наваградак: Спаленая вядзьмарка на Замкавай гары

У першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага нас вітае дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба — дасведчаны гісторык і апантаны краязнаўца, вялікі патрыёт Наваградка.

— Міцкевіч пра Цмокаў не пісаў, таму вы ўжо даруйце нашаму вялікаму паэту!.. — жартуе з парога спадар Гайба.

Спускаемся ў падзямелле музея і падземным ходам трапляем у старадаўнюю кухню. Спадар Мікалай націскае схаваную пімпачку — і на сцяне ўзнікаюць загадкавыя цені.

— Злева вы бачыце слугу Міцкевічаў Блажэя, якога ў сям’і называлі Адысей, — тлумачыць спадар Гайба. — А справа — чацвёра дзяцей, у тым ліку і маленькі Адам. Ад Адысея, а таксама ад нянькі Ганны Гансеўскай будучы класік і пачуў наваградскія легенды і паданні, якія потым паклаў у сваю творчасць. І пра свіцязянак яму, напэўна ж, апавядала нянька. Невядома, ці апавядала пра Цмока, але ў творчасці паэта гэта не адбілася.

У пакоі — рэдкія экспанаты: старадаўнія распісныя талеркі, чыгункі, лыжкі ды відэльцы. Прычым апошнія знайшлі некалькі гадоў таму пад час рамонтных работ на тэрыторыі музея — цалкам верагодна, што нейкім з гэтых відэльцаў сусветна вядомы паэт умінаў тут у дзяцінстве бульбу з пальцам пханай кілбасой.

— А навошта ў вас відэльцы да стала прымацаваныя? — раптам заўважае наш спадарожнік бізнесовец Алесь Мазанік.

— А што ж вы думалі! — сур’ёзна тлумачыць дырэктар. — Як прыйдзе да мяне 20 малых цмокаў-школьнікаў з найбліжэйшай школы, як пачну я апавядаць, адвярнуся — толькі і шукай потым каштоўныя экспанаты!..

Увогуле, як выправіцеся ў Наваградак, абавязкова зазірніце ў гэтае чароўнае месца, дзе прайшлі дзіцячыя гады нашага непараўнальнага паэта Адама Міцкевіча, якога лічаць за гонар залучыць да сваіх ці не ўсе нашыя суседзі!

З музея ідзем да замка: роўна насупраць увахода на валы нас чакае сядзіба мастака Кастуся Качана і сам гаспадар. Трэба сказаць, сядзіба ўражвае: порцік з калонамі, падмурак з камянёў, ажурны гаўбец, ладная мансарда…

— На цокальным і першым паверсе галерэя, на другім — майстэрня і мае пакоі, — запрашае ўвайсці гаспадар.

На сценах — беларускія краявіды і помнікі архітэктуры: Слабодка, Івянец, Менск, Крэва, Любча, Слонім, Солы і, вядома, родны Наваградак. Выходзім з другога паверха на гаўбец і аглядаем чароўны від на замак Міндоўга XIII стагоддзя і Фарны касцёл, дзе ў 1422 годзе браў шлюб 70-гадовы Ягайла з 17-гадовай Соф’яй Гальшанскай.

— Цяпер вы разумееце, чаму родны Наваградак я ні на што не прамяняю?.. — рытарычна пытаецца з-за спіны гаспадар.

Цацачнага Цмока ад “Будзьмы” мастак тут жа ставіць на стол у цікавую кампанію статуэтак.

— Гэта мексіканцы прыязджалі, дык падаравалі мне цэлы набор: Хрыстос, Марыя, Іосіф, тры каралі… А ідэя вашая пра Цмока мне падабаецца! Гэта ж нашая гісторыя, нашыя легенды, нашыя карані!

Ідзем шукаць месца, дзе б нам прыбіць першую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”, і вешаем яе на плоце перад сядзібай — самае бачнае месца ў Наваградку (пасля ўласна замка)!

— Хай будзе турыстам і такая забаўка — пад Цмокавай шыльдай фатаграфавацца! — усміхаецца Кастусь Качан.

Для ахвочых паглядзець галерэю мастака — ягоны мабільнік 8 029 6769038. Будзеце выпраўляцца ў Наваградак — папярэдне тэлефануйце.

А нас ужо чакае на замку малады, але дасведчаны наваградскі экскурсавод і краязнаўца Сяргей Казак.

— Наваградскі Цмок жыў у пячоры на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, — бярэ з месца ў кар’ер Сяржук. — У часы Міндоўга гэта быў адзіны Цмок, які застаўся на тэрыторыі Беларусі! І на яго нават хадзілі паляваць крыжакі — хацелі забіць. А той Цмок еў коней у мясцовых жыхароў, у мясцовай шляхты. І дапёк ён конюха князя Міндоўга. Прыйшоў конюх да нары — і ткнуў Цмоку дзідаю ў жывот, выпусціў кішкі ды забраў яйка Цмока! І прынёс тыя кішкі князю Міндоўгу. За гэта той род назвалі Кішкамі. А яйка Цмока Кішка ўмураваў у падмурак сцяны Любчынскага замка. Яго не так даўно знайшлі пры раскопках і ўмуравалі ў сцяну!

Мірскі замак. Легенда сцвярджае, што некаторы час тут штогод  патанаў чалавек. Хто ведае, ці не Цмокавы гэта справы?..

Мірскі замак. Легенда сцвярджае, што некаторы час тут штогод патанаў чалавек. Хто ведае, ці не Цмокавы гэта справы?..

Ад яйка Цмока Сяржук паступова пераходзіць да Шэрай Панды.

— У нясвіжскіх Радзівілаў была ў Смаргоні мядзведжая акадэмія. А Багуслаў Радзівіл вырашыў іх пераплюнуць і прывёз сабе ў Любчу панду! Гэтая панда жыла ў вежы ля каміна, бо ёй было холадна. І ад каміна зрабілася шэрай. Пасля чаго звар’яцела. Яе забілі і закапалі ў парку. З таго часу яна і пужае ўсіх наведнікаў замка!

Каб канчаткова нас уразіць, Сяржук прыгадвае гісторыю пра спаленую на Замкавай гары вядзьмарку.

— Вось практычна на гэтым месцы, дзе мы з вамі стаім, яе і спалілі, — кажа Сяржук так, нібыта прысутнічаў пры вусцішнай расправе. — Яна была жонкаю ятранаўскага святара. І паралельна — вядзьмаркаю, што і зрабілася вядома шырокай грамадскасці. Адбыўся суд, які пастанавіў: вядзьмарку — на вогнішча! Такім чынам у Наваградскім замку адбылася апошняя ў гісторыі Беларусі расправа з вядзьмаркаю.

Спускаемся з Замкавай гары. За страхавой канторай з паркоўкі Сяржук паказвае нам рэшты яшчэ адной замкавай вежы, на якой гадоў сто таму прадпрымальны мясцовы жыхар паставіў свой хлеў. А што, надзейны падмурак для хлява — 600 гадоў прастаяў. На жаль, нам бракуе часу, каб перапытаць у свіней з таго хлява, ці адчуваюць яны сябе па-княску. Ідзем да крыніцы. Знайсці яе нескладана. Калі стаць тварам да замка, то трэба абыйсці яго па вуліцы, што ідзе справа, уніз да касцёла. Каля першай хаты па левым баку пад гарой трэба збочыць налева. Як упрацеся зноў у Замкавую гару, па левую руку і будзе крыніца.

— Цалкам верагодна, што ваду з яе піў яшчэ князь Міндоўг, — падагравае нас Сяржук. — Бо замкі ж якраз і ставілі на тым месцы, дзе была вада. Таму гэтай крыніцы, праўдападобна, можа быць 700 год…

— Вы з газеты?.. — чуем за спінамі голас мясцовай жыхаркі. Леакадзіі Станіславаўне пашанцавала: жыве яна на вуліцы Крывой, пад самым замкам Міндоўга.

— Я, канечне, давольная, што пад такім славутым замкам жыву!.. — пераконвае Леакадзія Станіславаўна. — Але бяда нам ад гэтага: як панапіваюцца хуліганы ўсякія на гары, так мне бутэлькі на дах і кідаюць! Так былі шыфер паразбівалі, што той бок адзін раз ужо перакрывалі цалкам…

Пазнаўшы ў нас журналістаў, спадарыня просіць:

— Вы напішыце, каб мясцовая ўлада траву тут касіла! Бо ідуць людзі да крыніцы, а бур’ян сцяною стаіць! Мы тут сваімі сіламі як можам падкошваем, але ж старыя ўжо… Абавязкова напішыце!..

Непадалёк ад крыніцы на дыбачках смаляць папяросы тры хлапцы, няйначай наваградская шляхта!

— Слыш, сфоткай мяне!.. — міралюбіва знаёмяцца яны з нашым фатографам Аляксандрам “Таранцінам” Ждановічам. Таранціна, не міргнуўшы вокам, шчоўкае мясцовых цмокаў для нашага сайта.

Мастак Кастусь Качан ні на што не прамяняе родны Наваградак.

Мастак Кастусь Качан ні на што не прамяняе родны Наваградак.

Валеўка і Радагошча: Чаму Цмок не сябруе з катамі?..

Кіруемся ў бок Свіцязі — для гэтага з Наваградка трэба выязджаць на Баранавічы. На шляху — вёска Валеўка, адкуль можна трапіць у колішні маёнтак “Чомбраў” паноў Карповічаў (вёска Радагошча). Між іншым, паводле распаўсюджанай версіі, менавіта “Чомбраў” з’яўляецца прататыпам сядзібы Сапліцова ў Міцкевічавым “Пане Тадэвушы”.

— Была сядзіба, ды разбурылі яе камуністы, адны падмуркі ў траве пазаставаліся… — выходзіць нам насустрач Вольга Міхайлаўна Семянчук. — А пан вой які разумны і харошы быў! Ведаў, што клён беражэ людзей ад маланак падчас навальніц. Дык, бачыце, усё тут клёнамі засадзіў…

Вольга Міхайлаўна — і сама пані, бо жыве ў колішняй панскай сыраварні. Спускаемся пад хату і трапляем у той самы пакой, дзе некалі паны Карповічы захоўвалі сыры. Сцены з вялізных валуноў даюць добрае ўяўленне, якім жа магутным быў сам палац…

У гаспадарцы Вольгі Міхайлаўны — шасцёра катоў. Яны рэагуюць на нашага Цмока не вельмі ветліва: пэўна, адчуваюць мацнейшага. Прэзентуем гаспадыні фірмовую торбу і рухаемся за вёску, каб пабачыць у чыстым полі капліцу паноў Карповічаў XIX стагоддзя. Стаіць яна ў такім месцы, што без джыпа можна і не дабрацца, хіба што пехам ад вёскі.

Вяртаемся ў Валеўку. Тут цікава паглядзець драўляную царкву святых Пятра і Паўла 1736 года.

Сядзіба “Залатая падкова”: Цмок-каваль знойдзены!

З Валеўкі трэба павярнуць па ўказальніку на Карэлічы — і потым другі паварот за школаю направа. Праз нейкі час вы апыняцеся ў вёсцы Навасады, дзе ў самым канцы справа і будзе сядзіба “Залатая падкова”.

— Дык што гэта такое — “цмок”?.. — вітаюць нас гаспадары Алена Міхайлаўна і Аляксандр Валянцінавіч Піразевы.

Пачуўшы грунтоўны адказ, гаспадыня ўздыхае з палёгкаю:

— Ну, цяпер зразумела, што гэта дракон беларускі! Пойдзем у хату, пакажу вам свае творы.

У хаце Піразевых — гатовая карцінная галерэя.

— Зайздрошчу вам! — выгуквае наш спадарожнік Алесь Мазанік. — Я ў музей, мо, раз на год хаджу, а вы ў музеі жывяце!..

Алена Міхайлаўна — напраўду пацалаваны Богам чалавек, майстрыца на ўсе рукі. На сценах — дзясяткі карцін з саломкі, шкла, намаляваных алоўкам на паперы ці фарбамі на шкле, інкрустацыі з бяросты. Што казаць, калі нават падлога, дзверы і шафы на кухні па-майстэрску распісаныя рукою Алены Міхайлаўны.

— Усім турыстам экскурсію па хаце ладзім! — кажа гаспадыня.

У гаспадара ж хобі больш суворае: Аляксандр Валянцінавіч мае сваю коўню.

Ён распальвае агонь, і на нашых вачах за 15 хвілін з жалезнага бруска нараджаецца падкова, якую спадар Аляксандр дорыць на шчасце кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

— Толькі вешаць над уваходам трэба рагамі ўгору, каб дом быў як поўны келіх! — аўтарытэтна падказвае каваль Піразеў.

Апавядаем Аляксандру Валянцінавічу, што беларускі Цмок якраз быў шчыльна звязаны з кавалямі, бо і Цмок агнём пляваўся, і кавалі з агнём працавалі.

Наваградскі Цмок жыў у пячоры на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, — кажа наваградскі экскурсавод і краязнаўца Сяргей Казак.

Наваградскі Цмок жыў у пячоры на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, — кажа наваградскі экскурсавод і краязнаўца Сяргей Казак.

— Дык вашая цмачыная шыльда на маёй коўні будзе абсалютна дарэчы глядзецца! — рэзюмуе гаспадар.

Хоць кавальства гаспадар называе сваім хобі, поспехі відавочныя. Толькі на падворку сядзібы можна падзівіцца на выкшталцоную браму, каваную аздобу гаўбца, парэнчы, жалезным кветкам на дзвярах сядзібы. А колькі гадоў таму спадар Аляксандр Валянцінавіч заняў высокае месца на фэсце кавалёў у Дудутках. І, карыстаючыся выпадкам, там жа прэзентаваў сваю падкову прысутнаму на фэсце народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.

На падворку мы знаходзім ажно двух цмокаў. Адзін мірна сядзіць сабе ў будцы (“Гэта мы такую карчагу ў возеры вылавілі”, — тлумачыць гаспадыня). Другі ў выглядзе валуна з вочкамі схаваўся ў траве каля альтанкі.

Збіраемся на Свіцязь.

— Вы ж, пэўна, ведаеце легенду?... — перапытвае Алена Іванаўна. — Некалі на месцы возера быў горад з плошчаю і царквою ў цэнтры. І пайшлі ўсе мужчыны на вайну, а жанчыны засталіся ў горадзе. І так яны сказалі: “Лепей мы пад зямлю правалімся, чым дамо ворагу нас гвалціць і зневажаць”. І праваліся пад зямлю, і ўтварылася тут возера. А на возеры плавалі вялізныя белыя кветкі. Ворагі, якія пачалі зрываць тыя кветкі, усе загінулі! І цяпер у ціхую ноч можна пачуць з глыбіні звон царкоўных званоў і плач свіцязянак…

— Ну, паехалі ўжо на Свіцязь цмокаў шукаць!.. — падсумоўвае каваль.

Свіцязь: У нас тут не толькі Цмок жыве…

На Свіцязі лепата. Дзень спякотны, пляж поўніцца паўаголенымі беларусамі з Гарадзеншчыны, Міншчыны ды Берасцейшчыны, мяркуючы па нумарах машын на паркоўцы.

— Мужыкі, кажуць, у вас тут у Свіцязі Цмок жыве?.. — нясмела пытаюся ў ратаўнікоў на беразе.

— А то!.. — ссоўвае кепку на патыліцу галоўны ратаўнік і, не міргнуўшы вокам, дадае. — А яшчэ чарада піранняў і алігатар. А вось бегемот здох, не выжыў…

Бачу, што з гэтымі дзядзькамі кашу мы зварым.

— Дык вы не супраць, калі мы тут дзе шыльду павесім, што “Тут жыве беларускі Цмок”?..

— Няма нічога прасцейшага! — весела адгукаецца ратаўнік. — Віцька, цягні лесвіцу, таблічку пра Цмока вешаць будзем!..

Праз хвіліну лесвіца тут. Ратаўнікі трымаюць, а я ўзбіраюся на самы дах альтанкі ў выглядзе хаткі Бабы Ягі. На грукат малатка абарочваецца ўвесь пляж і з інтарэсам пачынае вывучаць нашую шыльду.

— Можа, хоць купацца асцярожней будуць!.. — усміхаецца наш новы аднадумца. — А то цераз дзень з вады людзей выцягваю, хоць бы хто дзякуй сказаў… Учора во ўратаваў дзетак малых — паўтара і два гады. Бацькі на хвіліну, як кажуць, адвярнуліся. Гляджу — а дзеці ўжо дагары спінамі ў вадзе. Я проста ў адзежы кінуўся, дзякаваць Богу, паспеў!..

Пакідаем шаноўным ратаўнікам жменю фірмовых значкаў “Краіна Цмока” і выпраўляемся да апошняга пункта вандроўкі — сядзібы “Чарэшля”.

Чарэшля: Каму пакажацца Цмок апоўначы на лясным балоце?..

Каб даехаць да вёскі Чарэшля, трэба ад Наваградка паехаць на Уселюб, адтуль — на Бенін (у кірунку Любчы), адтуль — на Вераскава, і звярнуць на ўказальніку “Чарэшля 5 км”. Між іншым, ва Уселюбе абавязкова паглядзіце самы стары касцёл у Беларусі, вядомы з 1433 года. Хоць ён і перабудаваны, бо неаднойчы змяняў сваю прыналежнасць, але ягонай значнасці гэта не змяншае. У Беніне захаваліся рэшткі стогадовай сядзібы Даўгарукіх, у Вераскаве — сядзіба Дыбоўскіх і Брахоцкіх ХІХ стагоддзя.

У Чарэшлі нас вітае старадаўняя брукаванка пад коламі.

— Каб і надумаліся асфальтаваць, я б перад сваёй хатай лёг бы на дарогу і не даў!.. — вітае нас гаспадар Міхаіл Зуевіч.

Міхаіл Анатолевіч толькі што з летняга душа, з ручніком на шыі.

— У мяне 7 вуллёў, завіхаўся тут з абеду, а пчолы вой як потных не любяць!.. — тлумачыць гаспадар.

Бацька Міхаіла Анатольевіча, Анатоль Міхайлавіч, — зорка Бі-бі-сі.

— Прыязджала здымачная група ажно з Лондана, — апавядае гаспадар. — Бацька мой — унікальны майстар, пляце лапці і кошыкі па старадаўняй тэхналогіі. Дык бібісішнікі здымалі ўвесь працэс ад пачатку да канца! Потым нам дыск з фільмам падарылі.

На падворку — сапраўдны музей. Вось стол, асновай для якога зрабіўся футурыстычны пень ад бярозы, а стальніцай — кола ад сечкі, накрытае шклом. Вось агромністы корань ад дрэва, які раскінуў галіны ва ўсе бакі. У цэнтры гаспадар дадаў вочы і ўсмешку — і пад сценкаю гаража адразу заззяла Сонца. У самім гаражы Міхаіл Анатольевіч абсталяваў яшчэ адзін спальны пакойчык. Прычым ложак зроблены са стогадовых саней! Тут жа — невялікі музей лапцяў са скуры да лыка ды чаравікаў з драўлянай падэшвай. За гаражом — лазня з ледзяной купеллю. А пры ўваходзе — канапа, высечаная з дуба.

— Сын налічыў 238 кольцаў і збіўся!.. — кажа гаспадар.

У хаце — гарачая вада і выгоды. Адначасова гаспадару ўдаецца захаваць аўтэнтыку: здымкі старасвецкіх будынкаў на сценах, кросны, абразы пад ручнікамі… На стэлажы стаіць старая магнітола з пласцінкамі.

— Гарадскім турыстам у навінку! — смяецца гаспадар. — Адной кабеце паказаў, што можна проста пальцам круціць — і без электрычнасці музыка будзе. Дык цэлы вечар круціла, усё надзівіцца не магла!

Цераз дарогу ад хаты — возера Чарэшля. Для аматараў пашукаць Цмока ў вадзе гаспадар мае тут лодку і некалькі байдарак.

У альтанцы знаходзім… Цмока!

— Быў у мяне такі вось ствол дрэва, я троху яго апрацаваў, сюды паставіў — турыстам падабаецца!

У кнізе гасцей сядзібы Чарэшля — актор Алег Гарбуз, дэлегацыя з Ізраіля, турысты з Каліфорніі, мэр аднаго польскага горада… На іншым краі альтанкі яшчэ адна драўляная пыса. Гаспадар цягне за нос — і ў руцэ апынаецца пляшка празрыстай вадкасці з надпісам “Чарашлянская”. Аднак гэта для нас заўчасна, бо ўжо сцямнела, і нас чакаюць самыя сапраўдныя пошукі Цмока!

— Самых смелых турыстаў я вяду ў лес, дзе ёсць два возеры — Святое і Глухое. Атмасфера там такая, што не толькі Цмока ўбачыць можна!..

Едзем на машыне спачатку па дарозе. Спыняемся і запальваем паходні — Цмока трэба шукаць з агнём!.. Праходзім так пехам каля 100 метраў па лясным балоце. Потым пачынаецца самая сапраўдная дрыгва. Выходзім амаль да краю вады.

— Бачыце, як тут усё зраслося: можна стаяць як на падушцы!..

З гэтымі словамі Міхаіл Анатолевіч пачынае пагойдвацца, і зямля калышацца пад намі як жывая.

— Пад намі — 7 метраў вады, — нібыта між справаю гаворыць наш праваднік. — Зараз пакажу!

З гэтымі словамі спадар Зуевіч падымае з зямлі пяціметровую сухую елку без галін і пачынае апускаць у ваду за два крокі ад нас. Елка ідзе, ідзе, хаваецца цалкам і гулка сыходзіць у тоўшчу возера.

І вось уявіце сабе карціну. 12 гадзін ночы, глухі лес за 25 кіламетраў ад Наваградка, балота з дрыгвою. Над вадою стаяць чатыры чалавекі з паходнямі і яўна нарываюцца на непрыемнасці. На месцы Цмока варта было б ужо даўно скончыць гэты балаган ды паказаць нахабным вандроўнікам, што жарты з Цмокам кепскія!.. Аднак у беларускага Цмока тым вечарам быў вясёлы настрой, таму сталічных цмоказнаўцаў ён вырашыў адпусціць з мірам. Магчыма, каб потым паказацца менавіта вам?..

ДЗЕ ШУКАЦЬ ШЫЛЬДЫ “ТУТ ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ ЦМОК”

Будзьма Цмокамі!