Boom metrics
Звезды25 июня 2013 10:43

На возеры Свіцязь Цмок выжыў бегемота!

Экспедыцыя “Будзьмы” знайшла на Наваградчыне піранняў і адшукала апоўначы таямнічае балота пасярод лесу...[фота]
Источник:kp.ru
Цмок працягвае вандраваць па краіне і знаходзіць сваю радню.

Цмок працягвае вандраваць па краіне і знаходзіць сваю радню.

У папярэдняй частцы вы даведаліся, як мы шукалі Цмока ў мястэчку Мір, вёсцы Турэц і першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага Наваградку. Сёння -- працяг, дзе мы даехалі непасрэдна да возера Свіцязь, пабачыўшы шмат цікавостак па дарозе...

Валеўка і Радагошча: Чаму Цмок не сябруе з катамі?..

…Кіруемся ў бок Свіцязі — для гэтага з Наваградка трэба выязджаць на Баранавічы. На шляху — вёска Валеўка, адкуль можна трапіць у колішні маёнтак “Чамброва” (вёска Радагошча). Гэта радзіма маці Адама Міцкевіча. Пазней, у канцы ХІХ стагоддзя маёнтак прыдбалі паны Карповічы. Між іншым, паводле распаўсюджанай версіі, менавіта “Чамброва” з’яўляецца прататыпам сядзібы Сапліцова ў Міцкевічавым “Пане Тадэвушы”.

— Была сядзіба, ды разбурылі яе камуністы, адны падмуркі ў траве пазаставаліся… — выходзіць нам насустрач Вольга Міхайлаўна Семянчук. — А пан вой які разумны і харошы быў! Ведаў, што клён беражэ людзей ад маланак падчас навальніц. Дык, бачыце, усё тут клёнамі засадзіў…

Вольга Міхайлаўна расказвае пра сядзібу, разбураную камуністамі.

Вольга Міхайлаўна расказвае пра сядзібу, разбураную камуністамі.

Вольга Міхайлаўна — і сама пані, бо жыве ў колішняй панскай сыраварні. Спускаемся пад хату і трапляем у той самы пакой, дзе некалі паны Карповічы захоўвалі сыры. Сцены з вялізных валуноў даюць добрае ўяўленне, якой жа магутнай была сама сядзіба…

У гаспадарцы Вольгі Міхайлаўны — шасцёра катоў. Яны рэагуюць на нашага Цмока не вельмі ветліва: пэўна, адчуваюць мацнейшага. Прэзентуем гаспадыні фірмовую торбу і рухаемся за вёску, каб пабачыць у чыстым полі капліцу паноў Карповічаў XIX стагоддзя. Стаіць яна ў такім месцы, што без джыпа можна і не дабрацца, хіба што пехам ад вёскі.

Вяртаемся ў Валеўку. Тут цікава паглядзець драўляную царкву святых Пятра і Паўла 1736 года.

Сядзіба “Залатая падкова”: Цмок-каваль знойдзены!

У Валеўцы трэба павярнуць па ўказальніку на Карэлічы — і потым другі паварот за школаю направа. Праз нейкі час вы апыняцеся ў вёсцы Навасады, дзе ў самым канцы справа і будзе сядзіба “Залатая падкова”.

— Дык што гэта такое — “цмок”?.. — вітаюць нас гаспадары Алена Міхайлаўна і Аляксандр Валянцінавіч Піразевы.

Пачуўшы грунтоўны адказ, гаспадыня ўздыхае з палёгкаю:

— Ну, цяпер зразумела, што гэта дракон беларускі! Пойдзем у хату, пакажу вам свае творы.

У хаце Піразевых — гатовая карцінная галерэя.

Валеўка. Драўляная царква святых Пятра і Паўла 1736 года.

Валеўка. Драўляная царква святых Пятра і Паўла 1736 года.

— Зайздрошчу вам! — выгуквае наш спадарожнік Алесь Мазанік. — Я ў музей, мо, раз на год хаджу, а вы ў музеі жывяце!..

Алена Міхайлаўна — напраўду пацалаваны Богам чалавек, майстрыца на ўсе рукі. На сценах — дзясяткі карцін з саломкі, шкла, намаляваных алоўкам на паперы ці фарбамі на шкле, інкрустацыі з бяросты. Што казаць, калі нават падлога, дзверы і шафы на кухні па-майстэрску распісаныя рукою Алены Міхайлаўны.

— Усім турыстам экскурсію па хаце ладзім! — кажа гаспадыня.

У гаспадара ж хобі больш суворае: Аляксандр Валянцінавіч мае сваю коўню.

Ён распальвае агонь, і на нашых вачах за 15 хвілін з жалезнага бруска нараджаецца падкова, якую спадар Аляксандр дорыць на шчасце кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

— Толькі вешаць над уваходам трэба рагамі ўгору, каб дом быў як поўны келіх! — аўтарытэтна падказвае каваль Піразеў.

Апавядаем Аляксандру Валянцінавічу, што беларускі Цмок якраз быў шчыльна звязаны з кавалямі, бо і Цмок агнём пляваўся, і кавалі з агнём працавалі.

— Дык вашая цмачыная шыльда на маёй коўні будзе абсалютна дарэчы глядзецца! — рэзюмуе гаспадар.

Хоць кавальства гаспадар называе сваім хобі, поспехі відавочныя. Толькі на падворку сядзібы можна падзівіцца на выкшталцоную браму, каваную аздобу гаўбца, парэнчы, жалезным кветкам на дзвярах сядзібы. А колькі гадоў таму спадар Аляксандр Валянцінавіч заняў высокае месца на фэсце кавалёў у Дудутках. І, карыстаючыся выпадкам, там жа прэзентаваў сваю падкову прысутнаму на фэсце народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.

Беларускі Цмок быў шчыльна звязаны з кавалямі, бо і Цмок агнём пляваўся, і кавалі з агнём працавалі.

Беларускі Цмок быў шчыльна звязаны з кавалямі, бо і Цмок агнём пляваўся, і кавалі з агнём працавалі.

На падворку мы знаходзім ажно двух цмокаў. Адзін мірна сядзіць сабе ў будцы (“Гэта мы такую карчагу ў возеры вылавілі”, — тлумачыць гаспадыня). Другі ў выглядзе валуна з вочкамі схаваўся ў траве каля альтанкі.

Збіраемся на Свіцязь.

— Вы ж, пэўна, ведаеце легенду?... — перапытвае Алена Іванаўна. — Некалі на месцы возера быў горад з плошчаю і царквою ў цэнтры. - І пайшлі ўсе мужчыны на вайну, а ў гэтую ноч ворагі напалі на г.Свіцязь. Толькі жанчыны, старыя і дзеці засталіся ў горадзе. І так яны сказалі: “Лепей мы пад зямлю правалімся, чым дамо ворагу нас гвалціць і зневажаць”. І праваліся пад зямлю, і ўтварылася тут возера. А на возеры плавалі вялізныя белыя кветкі. Ворагі, якія пачалі зрываць тыя кветкі, усе загінулі! І цяпер у ціхую ноч можна пачуць з глыбіні звон царкоўных званоў і плач свіцязянак…

— Ну, паехалі ўжо на Свіцязь цмокаў шукаць!.. — падсумоўвае каваль.

Свіцязь: У нас тут не толькі Цмок жыве…

На Свіцязі лепата. Дзень спякотны, пляж поўніцца паўаголенымі беларусамі з Гарадзеншчыны, Міншчыны ды Берасцейшчыны, мяркуючы па нумарах машын на паркоўцы.

— Мужыкі, кажуць, у вас тут у Свіцязі Цмок жыве?.. — нясмела пытаюся ў ратаўнікоў на беразе.

— А то!.. — ссоўвае кепку на патыліцу галоўны ратаўнік і, не міргнуўшы вокам, дадае. — А яшчэ чарада піранняў і алігатар. А вось бегемот здох, не выжыў…

Бачу, што з гэтымі дзядзькамі кашу мы зварым.

— Дык вы не супраць, калі мы тут дзе шыльду павесім, што “Тут жыве беларускі Цмок”?..

— Няма нічога прасцейшага! — весела адгукаецца ратаўнік. — Віцька, цягні лесвіцу, таблічку пра Цмока вешаць будзем!..

Праз хвіліну лесвіца тут. Ратаўнікі трымаюць, а я ўзбіраюся на самы дах альтанкі ў выглядзе хаткі Бабы Ягі. На грукат малатка абарочваецца ўвесь пляж і з інтарэсам пачынае вывучаць нашую шыльду.

— Можа, хоць купацца асцярожней будуць!.. — усміхаецца наш новы аднадумца. — А то цераз дзень з вады людзей выцягваю, хоць бы хто дзякуй сказаў… Учора во ўратаваў дзетак малых — паўтара і два гады. Бацькі на хвіліну, як кажуць, адвярнуліся. Гляджу — а дзеці ўжо дагары спінамі ў вадзе. Я проста ў адзежы кінуўся, дзякаваць Богу, паспеў!..

Пакідаем шаноўным ратаўнікам жменю фірмовых значкаў “Краіна Цмока” і выпраўляемся да апошняга пункта вандроўкі — сядзібы “Чарэшля”.

Цмок на Свіцязі.

Цмок на Свіцязі.

Чарэшля: Каму пакажацца Цмок апоўначы на лясным балоце?..

Каб даехаць да вёскі Чарэшля, трэба ад Наваградка паехаць на Уселюб, адтуль — на Бенін (у кірунку Любчы), адтуль — на Вераскава, і звярнуць на ўказальніку “Чарэшля 5 км”. Між іншым, ва Уселюбе абавязкова паглядзіце самы стары гатычны касцёл у Беларусі, вядомы з 1433 года. Хоць ён і перабудаваны, бо неаднойчы змяняў сваю прыналежнасць, але ягонай значнасці гэта не змяншае. У Беніне захаваліся рэшткі стогадовай сядзібы Даўгарукіх, у Вераскаве — сядзіба Дыбоўскіх і Брахоцкіх ХІХ стагоддзя.

У Чарэшлі нас вітае старадаўняя брукаванка пад коламі.

— Каб і надумаліся асфальтаваць, я б перад сваёй хатай лёг бы на дарогу і не даў!.. — выходзіць насустрач гаспадар Міхаіл Зуевіч.

Міхаіл Анатолевіч толькі што з летняга душа, з ручніком на шыі.

— У мяне 7 вуллёў, завіхаўся тут з абеду, а пчолы вой як потных не любяць!.. — тлумачыць гаспадар.

Бацька Міхаіла Анатольевіча, Анатоль Міхайлавіч, — зорка Бі-бі-сі.

— Прыязджала здымачная група ажно з Лондана, — апавядае гаспадар. — Бацька мой — унікальны майстар, пляце лапці і кошыкі па старадаўняй тэхналогіі. Дык бібісішнікі здымалі ўвесь працэс ад пачатку да канца! Потым нам дыск з фільмам падарылі.

На падворку — сапраўдны музей. Вось стол, асновай для якога зрабіўся футурыстычны пень ад бярозы, а стальніцай — кола ад сечкі, накрытае шклом. Вось агромністы корань ад дрэва, які раскінуў галіны ва ўсе бакі. У цэнтры гаспадар дадаў вочы і ўсмешку — і пад сценкаю гаража адразу заззяла Сонца. У самім гаражы Міхаіл Анатольевіч абсталяваў яшчэ адзін спальны пакойчык. Прычым ложак зроблены са стогадовых саней! Тут жа — невялікі музей лапцяў са скуры да лыка ды чаравікаў з драўлянай падэшвай. За гаражом — лазня з ледзяной купеллю. А пры ўваходзе — канапа, высечаная з дуба.

— Сын налічыў 238 кольцаў і збіўся!.. — кажа гаспадар.

У хаце — гарачая вада і выгоды. Адначасова гаспадару ўдаецца захаваць аўтэнтыку: здымкі старасвецкіх будынкаў на сценах, кросны, абразы пад ручнікамі… На стэлажы стаіць старая магнітола з пласцінкамі.

— Гарадскім турыстам у навінку! — смяецца гаспадар. — Адной кабеце паказаў, што можна проста пальцам круціць — і без электрычнасці музыка будзе. Дык цэлы вечар круціла, усё надзівіцца не магла!

Цераз дарогу ад хаты — возера Чарэшля. Для аматараў пашукаць Цмока ў вадзе гаспадар мае тут лодку і некалькі байдарак.

У альтанцы знаходзім… Цмока!

— Быў у мяне такі вось ствол дрэва, я троху яго апрацаваў, сюды паставіў — турыстам падабаецца!

У кнізе гасцей сядзібы Чарэшля — актор Алег Гарбуз, дэлегацыя з Ізраіля, турысты з Каліфорніі, мэр аднаго польскага горада… На іншым краі альтанкі яшчэ адна драўляная пыса. Гаспадар цягне за нос — і ў руцэ апынаецца пляшка празрыстай вадкасці з надпісам “Чарашлянская”. Аднак гэта для нас заўчасна, бо ўжо сцямнела, і нас чакаюць самыя сапраўдныя пошукі Цмока!

- Самых смелых турыстаў я вяду ў лес, дзе ёсць два возеры - Святое і Глухое. Атмасфера там такая, што не толькі Цмока ўбачыць можна!..

- Самых смелых турыстаў я вяду ў лес, дзе ёсць два возеры - Святое і Глухое. Атмасфера там такая, што не толькі Цмока ўбачыць можна!..

— Самых смелых турыстаў я вяду ў лес, дзе ёсць два возеры — Святое і Глухое. Атмасфера там такая, што не толькі Цмока ўбачыць можна!..

Едзем на машыне спачатку па дарозе. Спыняемся і запальваем паходні — Цмока трэба шукаць з агнём!..

Праходзім так пехам каля 100 метраў па лясным балоце. Потым пачынаецца самая сапраўдная дрыгва. Выходзім амаль да краю вады.

— Бачыце, як тут усё зраслося: можна стаяць як на падушцы!..

З гэтымі словамі Міхаіл Анатолевіч пачынае пагойдвацца, і зямля калышацца пад намі як жывая.

— Пад намі — 7 метраў вады, — нібыта між справаю гаворыць наш праваднік. — Зараз пакажу!

Спадар Зуевіч падымае з зямлі пяціметровую сухую елку без галін і пачынае апускаць у ваду за два крокі ад нас. Елка ідзе, ідзе, хаваецца цалкам і гулка сыходзіць у тоўшчу возера.

І вось уявіце сабе карціну. 12 гадзін ночы, глухі лес за 25 кіламетраў ад Наваградка, балота з дрыгвою. Над вадою стаяць чатыры чалавекі з паходнямі і яўна нарываюцца на непрыемнасці. На месцы Цмока варта было б ужо даўно скончыць гэты балаган ды паказаць нахабным вандроўнікам, што жарты з Цмокам кепскія!.. Аднак у беларускага Цмока тым вечарам быў вясёлы настрой, таму сталічных цмоказнаўцаў ён вырашыў адпусціць з мірам. Магчыма, каб потым паказацца менавіта вам?..

ДЗЕ ШУКАЦЬ ШЫЛЬДЫ “ТУТ ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ ЦМОК!”

1. Наваградак. Галерэя Кастуся Качана насупраць замка Міндоўга, тэлефон гаспадара: 8 029 6769038.

2. Аграсядзіба “Залатая падкова” ў вёсцы Навасады Наваградскага раёна, 2 км ад возера Свіцязь, тэлефон гаспадара Аляксандра Піразева: 8 029 9396767.

3. Возера Свіцязь — на пляжы.

4. Аграсядзіба “Чарэшля”. Вёска Чарэшля Наваградскага раёна. Гаспадар Міхаіл Зуевіч, тэлефон: 8 029 6733307.

Будзьма Цмокамі!