Премия Рунета-2020
Россия
Москва
+7°
Boom metrics
Звезды11 июля 2013 11:38

На Палессі цмокі жылі на падворках замест сабак!

Экспедыцыя “Будзьмы” “У пошуках Цмока” [фота]
У вёсках ведаюць легенду пра цмокаў. У некаторых месцах яны называліся васіліскі. Кажуць, што на Палессі раней гэтыя васіліскі жылі на падворках і ахоўвалі хаты, бы сабакі.

У вёсках ведаюць легенду пра цмокаў. У некаторых месцах яны называліся васіліскі. Кажуць, што на Палессі раней гэтыя васіліскі жылі на падворках і ахоўвалі хаты, бы сабакі.

У першай частцы нашай вандроўкі па Гомельшчыне мы знайшлі ў веткаўскім музеі рукапіснае Евангелле XVII стагоддзя з выявай Цмока, агледзелі святую крыніцу ў Будзішчы, паганскія курганы пад Свяцілавічамі... Працяг вандроўкі прынёс не менш цікавыя адкрыцці...

Валосавічы: зуб Цмока знойдзены!

Каля хаты №77 нас чакае… акамянелы зуб Цмока!

— Знайшлі падчас экспедыцыі некалькі гадоў таму, — тлумачыць Андрэй Скідан.

Пабачыўшы, як група дарослых мужыкоў з разумным выглядам разглядае камень, з хаты выходзяць гаспадыні.

— А што, ён нейкі асаблівы?.. — пытаецца Валянціна Іванаўна Макарчук.

Ад вестак, што гэта зуб Цмока, Валянціна Іванаўна пачынае хвалявацца:

— Нічога сабе! Жывем побач і не ведаем, што тут такі цуд!..

Следам з хаты выходзіць мама Валянціны Іванаўны Ганна Сцяпанаўна Ціцянкова.

— Гэта ж мой дзед у полі знайшоў ды на плузе прывёз мне паказаць! Ён таксама ўсё ніяк не мог здагадацца, што ж гэта за камень такі, як усё адно нехта спрабаваў з яго выпілаваць нешта!..

З дазволу гаспадыняў прыбіваем на хату нашую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”, а кабетам пакідаем раздрукоўкі з сайта з найпадрабязнейшай інфармацыяй пра колішняга ўладальніка гэтага зуба.

Пры канцы аглядаем некалькі закінутых хат, якім ужо пераваліла за сотню гадоў…

Нясімкавічы: перабіты рудніковы молат на могілках.

У Нясімкавічах спыняемся пры мясцовых могілках. Тут пад старым дрэвам ляжыць зусім незразумелы артэфакт — перабіты напалову рудніковы молат.

— Некалі такія выкарыстоўвалі на руднях, — кажа Андрэй Скідан. — А Цмок, як раззлуецца, можа схапіць такі молат і шпурнуць яго на вёску, дзе людзі кепска сябе паводзілі.

У тым, што шпурнуў яго менавіта Цмок, сумневу няма. Нават гэтую адбітую частку молата не падняць і ўдзесяцёх. Як ён апынуўся тут, сярод зусім нестарых магіл пасярод вёскі?..

Неглюбка: самыя каштоўныя ручнікі краіны

— Васілеўна, тут журналісты прыехалі, ручнікі пакажаце?.. — стукаецца ў браму адной з хат спадар Андрэй.

Неглюбка — вядомая на ўсю краіну вёска, найперш сваімі адметнымі ручнікамі. Не так даўно неглюбскія ручнікі экспанаваліся ў краязнаўчым музеі Заслаўя. Неглюбку згадваў у адным з вершаў і наш выбітны паэт Анатоль Сыс.

Вера Васілеўна Барсукова і яе муж Іван Міхайлавіч вядуць нас у большы пакой. Падушкі, посцілкі — усё тут вышыта рукамі Веры Васілеўны. У куце — старыя абразы, таксама атуленыя дзіўнай прыгажосці ручнікамі.

Спадар Андрэй цікавіцца, ці можна набыць нейкія ручнікі для музея. Вера Васілеўна раскладае “вітрыну”.

— Во гэты, амаль новы, не менш за мільён! А гэтыя, выцвілыя, можна і па 100 тысяч…

Фантастыка! Магчымасць прыдбаць сапраўдны неглюбскі ручнік усяго за 100 тысяч! Адзін адпраўляецца ў Веткаўскі музей, другі я бяру сабе.

— Васілеўна, а пра цмокаў чулі што? Ці пра вужоў?.. — асцярожна пытаецца спадар Скідан.

— Вужоў тут навалам! — адказвае за гаспадыню муж. — У нас во адразу за агародам мокрае месца, дык часта там вужа бачу!

— Завялася тут нейкая незразумелая істота… — паглядае ў вакно гаспадыня. — Рыбакі нядаўна на ўзлеску бачылі: здаровая такая, з хвастом — у лес шмыганула! Дык я стала куранят баяцца за вароты пускаць — яшчэ пахапае!..

Шарсцін: цудадзейная крыніца

У Шарсціне на начоўку нас чакае гаспадыня сядзібы “Белая лебедзь” Ірына Лебедзева.

Яе маленькаму сыну Колю прэзентуем нашага Цмока, чым уратоўваем жыццё кацяню, якога Коля пераносіць па хаце, сціснуўшы шыю ў кулаку. Кінуўшы кацяня, Коля пераключаецца на Цмока.

— Я дык пра Цмока не чула, але калі вы яго тут знайшлі, то чаму б табліцу і не павесіць! — весела згаджаецца Ірына.

Ідзем да брамы ўсёй дэлегацыяй і ўрачыста прыбіваем шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!” пры чынным удзеле Колі.

Пераночыўшы, аглядаем руіны панскай сядзібы ХІХ стагоддзя.

На параду Ірыны едзем за вёску глядзець цудадзейную крыніцу.

— Штогод тут ладзіцца абрад “Дзесятуха”, — тлумачыць Ірына Лебедзева. — Гэта калі на дзясяты тыдзень пасля Вялікадня людзі ўрачыста ідуць да крыніцы з абразамі і малітвамі. Кажуць, вада з яе лечыць…

Скарыстаўшыся магчымасцю, п’ем цудадзейную ваду і мы.

Хальч: цмокі жылі на падворку замест сабак!

У Хальчы захавалася двухсотгадовая сядзіба Войніч-Сенажэцкіх. Гэта сам па сабе вельмі цікавы помнік класіцызму. А ўлічваючы, што такіх будынкаў захавалася ў рэгіёне вельмі мала, то напэўна.

— Вашыя дакументы! — раптам кажа ахоўнік за спінаю з інтанацыяй “хэндэ хох”.

Рэч у тым, што сядзіба ахоўваецца, бо знаходзіцца на балансе Гомельскага музея, у сядзібе захоўваюцца некаторыя экспанаты. Праўда, цяпер яе збіраюцца перадаваць “інвестару” пад “аздараўленчы цэнтр”. Ахоўнікі ставяцца да гэтага скептычна… Бо, паводле самых сціплых падлікаў, у аднаўленне трэба ўкласці 2 мільёны еўра. А ці паедуць людзі аздараўляцца ў раён з падвышанай пасля Чарнобыля радыяцыяй?..

Пачуўшы, што мы журналісты і шукаем Цмока, ахоўнік лагаднее.

— У нашай вёсцы таксама апавядалі легенду пра цмокаў. Праўда, у нас яны называліся васіліскі. Бабуля казала, што на Палессі раней гэтыя васіліскі жылі на падворках і ахоўвалі хаты, бы сабакі.

Суворая Гомельшчына, што тут сказаць!

Пад прыглядам ахоўніка аглядаем змест сядзібы. Пры ўваходзе на нас высакародна паглядае бюст Цёткі (Алаізы Пашкевіч), у суседнім пакоі за намі ўважліва сочыць Канстанцін Заслонаў. У куце — старадаўняе піяніна і фісгармонія.

У цэнтры залы — агромністая рысь з фарбаванага пенапласту.

— Сімвал Гомеля! — каментуе наш экскурсавод. — Раней у нейкім парку стаяла, а потым ім непатрэбная стала — у музей аддалі.

У холе наш Цмок робіць памятны здымак з трафейным нямецкім піяніна.

Увахода ў сядзібу каравуліць сабака Барын.

— Яго і ў Амерыцы ведаюць!.. — з гонарам кажа ахоўнік. — Прыязджалі з Каліфорніі турысты, дык і нашага Барына сфатаграфавалі!..

Ідзем у падвалы сядзібы. Вось куды экскурсіі з паходнямі вадзіць! Скляпенні аддаюць прыемным у 35-градусную спёку халадком. Шматлікія закуточкі і калідоры вабяць сваёй таямнічасцю…

…Дарэчы, сам пагорак, на якім стаіць сядзіба, таксама ахоўваецца дзяржавай, бо гэта гарадзішча VI стагоддзя да нашай эры! Няма ніякіх сумневаў, што тагачасным беларусапітэкам не трэба было доўга тлумачыць, хто такі Цмок!..

Добруш: адзіная ў горадзе цмачыная ліштва

У Добрушы аглядаем вядомую на ўсю краіну папяровую фабрыку. Хто з нас не пісаў у школе ў добрушскіх сшытках! Тым часам, будынак фабрыкі стаіць аж з 1882 года!

Непадалёк — школа княгіні Паскевіч таго ж часу.

Андрэй Скідан закавулкамі вядзе нас да ўнікальнага цмачынага экспаната: адзінай у горадзе ліштвы з выявай вужа! Пакружляўшы між старых хатак, часта ўжо “па-багатаму” абшытых сайдынгам, спыняемся ля дома па Піянерскай, 5. На фасадзе — адзінае акно. Над акном — вуж, малодшы брат цмока!

— Гэта зрабіў мой дзядуля Аляксей Маркавіч Талкачоў у 1925 годзе, калі ставіў хату, — выходзіць з брамкі Галіна Пятроўна Барадзіна. — Што значыць гэты вуж, я не ведаю, але вы ўжо далёка не першыя прыязджаеце паглядзець на яго!..

Следам з хаты выходзіць Надзея Аляксееўна Барадзіна — дачка таго майстра. І паказвае нам здымак самога Аляксея Маркавіча, дзе прысутнічае і яна, маленькая.

— Пра Цмока, вядома, чула! — кажа кабета. — У нас і ў хаце абраз адпаведны — дзе Георгій забівае Цмока…

Што ж меў на ўвазе жыхар старога Добруша Аляксей Талкачоў, калі выразаў на ліштве цмачынага брата вужа?.. Можа, нездарма Гомельшчыну завуць краем цмокаў?..

ДЗЕ ШУКАЦЬ ШЫЛЬДЫ “ТУТ ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ ЦМОК!”

Будзьма Цмокамі!